ВЯЛІКІ АСВЕТНІК

Цэнтр Еўропы і захад Лацінскай Амерыкі, Беларусь і Чылі. Што агульнага паміж такімі далёкімі краінамі? Іх аб’яноўвае адна яскравая асоба – Ігнат Дамейка – сусветна вядомы вучоны, нацыянальны герой Чылі. Чалавек энцыклапедычных ведаў — знакаміты геолаг і мінеролаг, географ і этнолаг, фізік і батанік, біёлаг і металург, мовазнаўца і хімік, педагог і рэфарматар адукацыі.

Ігнат Дамейка паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Ён нарадзіўся 220 гадоў таму — 31 ліпеня 1802  ў маёнтку Мядвядка Навагрудскага павета Мінскай губерніі (зараз — Карэлічскі раён) ў сям’і былога земскага суддзі Навагрудскага ваяводцва. З сямігадовага ўзросту, пасля смерці бацькі, жыў і выхоўваўся на Гродзншчыне, ў маёнтках сваіх дзядзькаў – Ігната і Юзефа, якія былі высокаадукаванымі людзьмі. Менавіта Юзеф адкрыў для маленькага Ігната цудоўны свет мінералогіі.

Дзесяцігадовы Ігнат паступіў вучыцца ў Шчучын, а праз чатыры гады – у Віленскі універсітэт (на фізіка-матэматычны факультэт), дзе акрамя фізікі і матэматыкі вывучаў тапалогію, архітэктуру, гісторыю, літаратуру. У чэрвені 1822 года абараніў дысертацыю і стаў магістрам філасофіі, а таксама атрымаў ступень магістра матэматыкі.

ЖЭГОТА

Ва ўніверсітэце ён пасябраваў з будучым вядомым паэтам Адамам Міцкевічам, фалькларыстам Янам Чачотам, паэтам і даследчыкам прыроды Томашам Занам. Яны ўваходзілі ў патаемныя патрыятычныя студэнцкія таварыствы філаматаў і філарэтаў, удзельнікі якіх лічылі сваёй галоўнай мэтай падрыхтоўку моладзі да ўсебаковай дзейнасці на карысць Радзіме. Вялікую ўвагу яны надавалі абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, прапагандзе гуманізму, трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасці чалавека, выступалі супраць афіцыйнай палітыкі царскай Расіі ў галіне адукацыі, асуджалі дэспатызм, прыгон, феадальна-абсалютысцкія парадкі. У 1820 г. Ігнат Дамейка стаў членам таварыства філаматаў пад канспіратыўным імем Жэгота. Пазней Адам Міцкевіч назаве так аднаго з герояў сваёй паэмы «Дзяды», больш таго, першапачаткова ён хацеў даць назву «Жэгота» сваёй паэме «Пан Тадэвуш», у якой Ігнат паслужыў прататыпам эканома Жэготы. У лістападзе 1823 г. таварыствы былі раскрыты, іх членаў (у тым ліку і Ігната Дамейку) арыштавалі і заключылі ў базыльянскім манастыры Святой Тройцы. Толькі дзякуючы намаганням сваякоў, у студзені або лютым 1824 года Ігнат Дамейка быў высланы пад нагляд паліцыі ў маёнтак дзядзькі без права куды б ні было адлучацца і займаць дзяржаўныя пасады.

Шэсць гадоў Дамейка правёў у маёнтках свайго дзядзькі, спачатку ў Жыбартаўшчызне, затым у Заполлі. Там ён пераклаў на польскую мову песні Оссіан і Каран (разам са святаром Дыёнісам Хлевінскім). Займаўся гаспадаркай — ўкараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, бровары, лесапільні. Веды па аграноміі ён атрымліваў з выпісываемых з Германіі кніг. У 1829 года паліцэйскі нагляд быў з яго зняты. А праз год Дамейка прыняў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні, ваяваў у частках генерала Д. А. Хлапоўскага, адзін час разам з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі. Быў ад’ютантам 25-га пяхотнага палка. Пасля прайгранай бітвы пад Шаўлямі летам 1831 году разам з іншымі паўстанцамі адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны. У дзённікавых запісах пра паўстанне Дамейка выразна вылучаў «каронных» (палякаў), «жмудзінаў» (сучасных літоўцаў) і «нашых літвінаў» (сучасных беларусаў).

ПАРЫЖ

У жніўні 1832 году разам з Міцкевічам і іншымі эмігрантамі прыбыў у Парыж, прыняў удзел у грамадскай дзейнасці беларускай эміграцыі. Ён стаў памочнікам і кансультантам пры стварэнні самай буйной і значнай паэмы вялікага паэта — «Пан Тадэвуш». Больш за тое, сам перапісваў і рыхтаваў гэты шэдэўр да друку. Ён наведваў лекцыі ў Сарбоне, у Французскай калегіі, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалагічных экскурсіях.

У 1834 годзе паступіў у Горную школу. Склаў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых зямель Рэчы Паспалітай і напісаў да яе шырокія каментары (карта і каментары не былі выдадзены; матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданнях). У 1837 годзе атрымаў дыплом горнага інжынера. Але пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта не знайшоў сябе ні на Радзіме, ні ў Еўропе.

НОВАЯ РАДЗІМА

Паваротным момантам у жыцці стаў ліст Адама Міцкевіча, дзе той паведамляў пра магчымасць працаваць па кантракце ў Чылі. Ігнат адразу ж пагадзіўся на падарожжа ў далёкую краіну і працу па кантракту на шэсць гадоў, з аплатай тысяча дзвесці долараў за год, акрамя таго ён атрымаў тры тысячы долараў на закуп навуковых прылад і інструментаў. Не ведаў малады навуковец, калі адпраўляўся за акіян ў 1838 г., што тэрмін гэты расцягнецца на 46 гадоў, а Чылі стане для яго другой радзімай. Свае ўражанні ён выказваў у лістах да сябра Адама, якія пазней былі выдадзены пад назвай «Чатырохмесячная вандроўка з Парыжа ў Какімбу».

Ігнат Дамейка пасяліўся ў невялікім прыморскім мястэчку Какімба, цэнтры горнай прамысловасці Чылі, каб выкладаць у горнай школе Ла-Серэна хімію і мінералогію. Да 1846 года Дамейка чытаў лекцыі, праводзіў разнастайныя даследаванні, камплектаваў мінералагічныя калекцыі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, заалагічны калекцыю. У 1845 годзе выпусціў кнігу з апісаннем побыту, культуры, мовы індзейцаў араўканаў, перакладзеную ў далейшым на некалькі моў. У паездках па краіне ён вывучаў геалогію і мінералогію Анд, пустыні Атакама і правінцыі Араўканіі на поўдні Чылі.

Пасля Сусветнай выставы ў Парыжы 1867 г., дзе Дамейка прадстаўляў маладую прамысловасць Чылі, яго абралі рэктарам чылійскага універсітэта, на гэтай пасадзе ён працаваў шаснаццаць гадоў. У заснаванай па яго ініцыятыве Горнай школе рыхтаваліся чылійскія нацыянальныя кадры спецыялистаў па горнай справе, геологіі, мінералогіі.

Дамейка арганізаваў метэралагічную службу ў Сант’яга-дэ-Чылі, вывучаў знойдзены ў пустыні Атакама метэарыт, вывучаў вулканы, адкрыў радовішча срэбра, медзі, золата, каменнага вугля, вядомай на ўвесь свет чылійскай селітры, арганізаваў іх дабычу, упершыню ў Лацінскай Амерыцы увёў метрычную сістэму мер і вагаў. Дамейка знайшоў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Сант’яга вадаправод, вырашыўшы тым самым праблему водазабеспячэння сталіцы. Чылійскія газеты пісалі: «Пан Дамейка не проста вучоны, ён — апостал навукі. У краіне няма больш папулярнага і паважанага імя, чым імя Дамейкі». Ён рэарганізаваў сістэму адукацыі ў краіне, у тым ліку і ў самім універсітэце, узяўшы за ўзор родную Віленскую «alma mater». Стварыў музей мінералогіі, заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лабараторыі, арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства.

Навуковыя працы (каля 130) Дамейка пісаў пераважна на французскай і іспанскай мовах, пісаў падручнікі і навуковыя трактаты, якія публікаваліся ў парыжскіх навуковых часопісах. Стаў членам многіх еўрапейскіх навуковых таварыстваў. Па яго шматлікіх падручніках вучыліся і вучацца студэнты Чылі, Перу, Мексікі. Пасля выхаду Дамейкі ў адстаўку, урад Чылі зацвердзіў яму персанальную пенсію — самую высокую ў краіне, памер якой перавышаў нават ўзнагароджанне для генералаў, якія ваявалі за незалежнасць гэтай краіны.

ВЯРТАННЕ НА РАДЗІМУ

У 1884 г. Ігнат Дамейка ва ўзросце 82 год змог ажыццявіць сваю даўнюю мару — прыехаць у Беларусь. Зусім не выпадкова ён пісаў у свой час Адаму Міцкевічу з Чылі: «Натуральна, перарадзіцца я нiколi не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру літвінам …». Па дарозе ў Беларусь прыпыняўся ў Кракаве (Кракаўскі Ягелонскі універсітэт, які прысвоіў яму ганаровае званне доктара медыцыны) і Варшаве (дзе яго ўрачыста ўшаноўвалі лаўровым вянком з надпісам на стужцы “Сейбіту нацыянальнай чысціні і сумлення сярод чужых народаў”). Але Дамейка імкнуўся хутчэй патрапіць на радзіму. У сваім дзённіку ён пісаў: «…Я адчуваў, як стукае ў мяне ў скронях кроў пры думцы, што я хутка буду дома, што я яшчэ не дасягнуў мэты свайго падарожжа. … Ужо і Буг, начны Брэст — я ў Літве!».

На радзіме Дамейка чатыры гады пражыў у Жыбуртоўшчыні і за гэты час наведаў іншыя дарагія яму месцы Беларусі: Мядзвядку, Мір, Крошын. Яго ўсюды сустракалі з радасцю, а Ігнат размаўляў на беларускай мове, не забытай ім, нягледзячы на паўвекавую адсутнасць. Менавіта тут, на роднай зямлі, ён напісаў сваю апошнюю кнігу ―”Маё падарожжа. Дзённікі выгнанніка”. У час знаходжання ў Беларусі ён некалькі разоў выязджаў у Парыж, пабываў у Рыме і, атрымаўшы благаславенне Папы Рымскага Льва XVIII, рушыў ў паломніцкае падарожжа ў Іерусаліме. Здзейсніўшы паломніцкую паездку ў Святую Зямлю, летам 1888 года Ігнат Дамейка вярнуўся у Чылі. Неўзабаве пасля вяртання ў Сант’яга, ў 1889 г. Ігнат Дамейка сканаў. Дзень яго пахавання быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы, а сам Ігнат — нацыянальным героем Рэспублікі Чылі. У яго гонар выбітая памятная медаль, у Сант’яга ўсталяваны велічны помнік з надпісам: «Грандэ Эдукадор» («Вялікі Асветнік»).

ПАМЯЦІ ВЯЛІКАГА АСВЕТНІКА

У Беларусі, на радзіме Ігната Дамейкі, у яго былым фальварку ў вёсцы Заполле Лідскага раёна адкрыты музей знакамітага земляка, створаны школьныя музеі ў вёсках Вялікая Мядзвядка Карэліцкага і Крупава Лідскага раёнаў, яго імем названа вуліца ў вёсцы Крупава.

Асаблівая увага да асобы знакамітага вучонага была прыцягнута ў 200-гадавы юбілей Ігната Дамейкі: 2002 ЮНЭСКА абвясціла годам Ігната Дамейкі.

Імем Дамейкі названа малая планета (астэроід 2784 Дамейка), порт на беразе Ціхага акіяна — Пуэрта-Дамейка, горад Пуэбло-Дамейка, горны хрыбет ў Чылі, вулканічная града працягласцю 350 км ў Андах — «Кардыльеры Дамейкі». У яго гонар названы мінерал — дамейкіт (выяўлены самім Дамейкам ў 1844 годзе ў Чылі), від акамянелых малюскаў Nautilus Domeykus d’Orb, адкрыты Дамейкам у 1841 г. і вымерлы марскі малюск Ammonites Domeykanus Dufr, знойдзены Дамейкам у фармацыі юрскага перыядуў ваколіцы Chanarcillo. Імя Дамейкі носяць: фіялка — Viola Domeykiano, гатунак азаліі — Azylea Domeyki — выгадаваны варшаўскім садоўнікам у 1845 г., кактус — Maihueniopsis domeykoensis, новы від каўчуканосу Andiela Domeykoi, від слімака Trigonia Domeykoana. На пачатку XXI стагоддзя быў знойдзены новы від выкапнёвага дыназаўра, якога ў гонар героя Чылі назвалі Дамейказаўр чылійскі (Domeykosaurus chilensis).

У Чылі ёсць фонд імя Дамейкі, стыпендыя імя Дамейкі. Імя нашака знакамітага суайчынніка носяць вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні.

Шануюць памяць аб Ігнаціі Дамейке і на радзіме — з павагай яго імя носяць вуліцы ў гарадах Ліда, Баранавічы, Навагрудак, Мінску і в. Крупава Лідскага раёна. У мястэчцы Мядзвядка ўсталяваны бюст навукоўцу, а каля касцёла ў Міры, дзе пахаваны яго бацька, — памятны камень. У месцах, дзе ён жыў, усталяваны мемарыяльныя дошкі.

Да юбілею ў мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор» быў прымеркаваны выпуск яго кнігі «Мае падарожжа». Нашчадкі выдатнага сына беларускай зямлі таксама зберагаюць памяць аб ім. Праўнучка вялікага вучонага Пас Дамейка Леа-Пласа напісала кнігу “Ігнат Дамейка: З Мядзвядкі – у Санцьяга-дэ-Чылі (1802–1889)”, заснаваную на дзённіках і лістах Ігната, чыя эпісталярная спадчына вельмі значная і цікавая.

 

Выкарыстаныя матэрыялы:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Оставьте комментарий